прылада для друкавання тэкставых, таблічных і лічбавых матэрыялаў паслядоўным нанясеннем на паперу адбіткаў літар, лічбаў і інш. знакаў.
Сканструявана К.Шолсам (ЗША) у 1867. У Расіі арыгінальную мадэль П.м. прапанаваў М.І.Алісаў у 1870. Падзяляюцца на канцылярскія (стандартныя), спецыяльныя (для друкавання нот, рэльефных знакаў азбукі Брайля для сляпых, стэнаграфічныя і інш.). Бываюць з ручным і эл. прыводам. Друкаванне праводзіцца пры дапамозе клавіятуры з 42—46 клавішаў, якія маюць 2 друкарскія знакі (вялікая і малая літары) на кожным рычагу. Эл. П.м. выкарыстоўваюцца таксама для ўводу і вываду алфавітна-лічбавай інфармацыі ў ЭВМ (гл.Друкавальная прылада).